Галоўная
Да пачатку наступнай экспедыцыі засталося
Добры дзень! Вы патрапілі на старонку Асавецкай археалагічнай экспедыцыі, прысвечанай даследаванням аднаго з найбольш унікальных археалагічных комплексаў неаліту – бронзавага веку на тэрыторыі Беларусі і Ўсходняй Еўропы – Крывінскага тарфяніка.
Крывінскі тарфянік размешчаны ў паўднёвай частцы Беларускага Паазер’я, на мяжы Бешанковіцкага і Сенненскага раёнаў Віцебскай вобласці.
Тут знаходзяцца 12 археалагічных помнікаў 4-га – 2-га тыс. да н.э: Асавец 1, Асавец 2, Асавец 3, Асавец 4, Асавец 5, Асавец 6, Асавец 7, Крывіна 1, Крывіна 2, Крывіна 3, Крывіна 4, Крывіна 5 (апошнія два помнікі выяўленыя ў 2020 і 2022 гг.). Усе яны або храналагічна наследуюць адзін аднаго, або суіснуюць у часе. У выніку ў рэгіёне магчыма стварэнне непарыўнай культурна-храналагічнай рэканструкцыі працягласцю каля 2-х з паловай тысяч гадоў.
За гэты час у рэгіёне мяняюцца 3 культуры – нарвенская, усвяцкая, паўночнабеларуская. Найбольш адметным момантам, які вылучае дадзены археалагічны комплекс ад іншых на тэрыторыі Беларусі, з’яўляецца тое, што дзесяць з дванаццаці вядомых тут помнікаў з’яўляюцца тарфяніковымі. Як вынік, культурны слой паселішчаў утрымлівае не толькі керамічныя і крамянёвыя артэфакты, звычайныя для іншых помнікаў гэтага часу, але і артэфакты з косткі, рогу, дрэва, кары, бурштыну. А гэта дае вельмі шмат дадатковых магчымасцяў для рэканструявання духоўнай і матэрыяльнай культуры, побыту старажытных жыхароў паўночнай Беларусі.
Археалагічнае даследаванне помнікаў Крывінскага тарфяніка пачалося ў 1934 годзе. З 1966 года ў рэгіёне працуе Міхал М. Чарняўскі, які выявіў паселішчы Асавец 2 – 7. З 1999 года да даследаванняў далучыўся Максім М. Чарняўскі. З гэтага ж часу вядзецца адлік валанцёрскай экспедыцыі “Асавец”, якая даследуе паселішчы Крывінскага тарфяніка.
Археалагічныя даследаванні праводзяцца экспедыцяй Інстытута гісторыі НАН Беларусі і маюць рэгулярны штогадовы характар, праходзяць у ліпені – жніўні. Калі вы жадаеце далучыцца да даследаванняў аднаго з найбольш выбітных археалагічных комплексаў на тэрыторыі Беларусі – будзем радыя вас бачыць.