Археалогія

Крывінскі тарфянік – мікрарэгіён, які займае ўсходнюю частку вялікага тарфянога масіву, размешчаны на мяжы Бешанковіцкага і Сенненскага раёнаў Віцебскай вобласці, паміж вёскамі Асавец і Галоўск (мапа). На сённяшні дзень у мікрарэгіёне вядома 10 археалагічных помнікаў, якія паслядоўна ахопліваюць адрэзак часу ад ранняга неаліту да сярэдзіны бронзавага веку, ад 4 да сяр. 2 тыс. да н.э. (паселішчы Асавец 1-7, Крывіна 1-3, знішчаны могільнік Асавец 4).

Першыя даследаванні ў рэгіёне былі пачатыя А.Д. Каваленем і К.М. Палікарповічам у 1934 годзе (Крывіна 1, Асавец 1), аднак у хуткім часе перарваныя ў сувязі з рэпрэсіямі, пад час якой былі растраляныя ўсе акрамя аднаго беларускія археолагі, і другой сусветнай вайной.

Пасляваенныя даследаванні працягваліся ў тры этапы:  1959-1963 (П.А. Прыбыткін, Я.Г. Краскоўская), даследаванні паселішчаў Крывіна 1, 2) і 1966 – сярэдзіна 90-х гадоў (Міхал М. Чарняўскі – паселішчы Асавец 2-6; Э.М. Зайкоўскі – паселішча Крывіна 3). З 2000 года штогадова помнікі рэгіёна даследуе Максім М. Чарняўскі (Асавец 7, Асавец 2), адначасова працягвае свае працы Міхал М. Чарняўскі (Асавец 2, Асавец 3, Асавец 5).

Найбольш даследаванымі на сённяшні дзень у мікрарэгіёне з’яўляюцца паселішчы Крывіна 1 (даследавана больш за 525 м2), Крывіна 2 (даследавана больш за 80 м2), Асавец 2 (даследавана каля 400 м2), Асавец 7 (даследавана больш за 70 м2).

Унікальнасць археалагічных помнікаў дадзенага мікрарэгіёна палягае ў тым, што ўсе яны маюць перакрыты торфам культурны слой, што захавала арганічныя артэфакты ад згнівання. Выяўлены археалагічны матэрыял прадстаўлены дзесяткамі тысяч фрагментаў керамікі, тысячамі крамянёвых і каменных вырабаў,  больш палутара тысяч касцяных і рагавых вырабаў, у тым ліку мастацкіх і культавых  вырабаў, дзесяткамі бурштынавых упрыгожанняў, адзінкавымі драўлянымі, меднымі і бронзавымі артэфактамі. Атрыманая на сённяшні дзень калекцыя, самая багатая на тэрыторыі Паўночнай Беларусі, і адна з багацейшых для суседніх рэгіёнаў, дазаваляе ў комплексе аднавіць матэрыяльную культуру насельніцтва Беларускага Паазер’я ў 4 – сярэдзіне 2-га тыс. да н.э. Мастацкія і культавыя вырабы з паселішчаў Крывінскага тарфяніка з’яўляюцца асноўнай і абсалютна пераважаючай крыніцай па рэканструяванні духоўнага свету жыхароў Паўночнай Беларусі ў той час.

Акрамя багатага матэрыяльнага напаўнення археалагічных помнікаў Крывінскага тарфяніка, адметнай рысай мікрарэгіёна з’яўляецца храналагічная паслядоўнасць і непарыўнасць іх развіцця ў мікрарэгіёне, ад нарвенскай культуры ранняга неаліту да усвяцкай культуры сярэдняга неаліту, ад усвяцкай культуры да паўночнабеларускай культуры позняга неаліту і ранняга бронзавага веку.

Паселішча Асавец 2 размешчана за 1,3 км на паўднёвы-паўднёвы-ўсход ад вёскі Асавец. Выяўлена Міхалам М. Чарняўскім у 1966 годзе. Даследавалася ім жа ў 1966, 1968, 1969, 1972, 1978, 1980, 1983, 1986, 1991, 1992, 1999–2008 гг.. З 2008 года штогадовым даследаваннямі на паселішчы займаецца і Максім М. Чарняўскі. Помнік шматслойны, пераважная колькасць матэрыялу (да 80%) адносіцца да паўночнабеларускай культуры позняга неаліту – ранняга бронзавага веку. Меншая частка матэрыялу адносіцца да усвяцкай культуры сярэдняга неаліту. Самыя раннія знаходкі датуюцца канцом 4 тыс. да н.э. – гэта нешматлікія фрагменты керамікі нарвенскай ранненеалітычнай культуры. Сярод матэрыялаў позняга неаліту – ранняга бронзавага веку сустракаюцца нешматлікія артэфакты культур шнуравой керамікі – прыбалтыйскай, сярэднедняпроўскай. Напрыканцы існавання помніка з’яўляюцца адзінкавыя фрагменты керамікі з ружанцовым арнаментам.

Паселішча Асавец 7 размешчана на адлегласці 1,5 км на Паўднёвы–Паўднёвы–Усход ад вёскі Асавец Бешанковіцкага раёна. Выяўлена Міхалам Чарняўскім у 2000 годзе. Даследавалася Максімам М. Чарняўскім у 2000 – 2007 г.г. На сённяшні дзень на ім ўскрытыя 73 кв. м. Выяўлены шматлікія крамянёвыя, керамічныя, касцяныя і рагавыя артэфакты, вырабы з дрэва і кары. У вялікай колькасці прадстаўлены цэлыя і пашкоджаныя фрагменты костак жывёл, птушак, рыб,  рэшткі флоры і фаўны таго часу. Усе матэрыялы адносяцца да паўночнабеларускай археалагічнай культуры і датуюцца канцом 3 – сярэдзінай 2 тысячагоддзя да н.э.

 

Асноўныя публікацыі:

 

  1. Чернявский М. М. 1969. Исследование неолитических поселений Кривинского торфяника//Древности Белоруссии: Докл. к конф. по археологии Белоруссии. Март 1969. Минск. С. 71–88.
  2. Чарняўскі М. М. 1997. Нарвенская культура//Археалогія Беларусі. Т. 1. Каменны і бронзавы вякі. – Мінск: Беларуская навука. С. 190–205.
  3. Чарняўскі М. М. 1997. Паўночнабеларуская культура//Археалогія Беларусі. У 4 т. Т. 1. Каменны і бронзавы вякі. – Мінск: Беларуская навука. – С. 311–329.
  4. Чернявский М.М. 2003. Археологические культуры Кривинского торфяника//Древности Подвинья: исторический аспект. По материалам круглого стола, посвящённого памяти А.М. Микляева (6-8 октября 1999 г.). Санкт-Перербург: Изательство Государственного Эрмитажа. С.94-98
  5. Чарняўскі Макс. М., 2007. Касцяныя і рагавыя вырабы на паселішчах Крывінскага тарфяніку (неаліт–бронзавы век) / М.М. Чарняўскі. – Мінск: Беларус. навука.
  6. Чернявский Макс. М. 2008. Асавец 7 – новое поселение Кривинского торфяника //Человек. Адаптация. Культура. Москва: РАН. С. 374-388
  7. Charniauski Max.M., Charniauski Mich.M. 2010. The excavation of Kryvina peatbog settlements in Northern Belarus between 2000 and 2009/ Archaeologia Baltica #14  Underwater archaeology in the Baltic region. Edited by Algirdas Girininkas. – Klaipėda, 2010:  Klaipėda university press. –  P.100-119
  8. Чарняўскі Макс. М. 2011. Паўночнабеларуская культура ў святле новых дадзеных (па матэрыялах даследаванняў паселішчаў Крывінскага тарфяніка, 2000 – 2010 гг.)//Na rubieży kultur. Badania nad okresem neolitu i wczesną epoką brązu. Pod redakcją Urszuli Stankewicz a Adama Wawrusiewicza – Białystok: Instytucja kultury województwa podlaskego, 2011 –  с. 219-228.
  9. Charniauski Max.M., Kryvalcevich M.M. 2011. Belarusian wetland settlements in Prehistory//Wetland settlements of the Baltic. A prehistoric perspective. Edited by Elena Prackėnaitė. – Vilnius 2011. – 0.83 а.а.