Экспедыцыя

Археалагічная экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі пад кіраўніцтвам старшага навуковага супрацоўніка аддзела археалогіі першабытнага грамадства, кандыдата гістарычных навук Максіма М. Чарняўскага на Крывінскім тарфяніку мае штогадовы характар. У 2008-2012 гг даследаванні праводзіліся сумесна з экспедыцыяй гістарычнага факультэта БДУ, кіраўнік — дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, кандыдат гістарычных навук Міхал М. Чарняўскі.

Асноўная задача даследаванняў на Крывінскім тарфяніку – вывучэнне паселішчаў усвяцкай і паўночнабеларускай культур Асавец 2 і Асавец 7 дзеля рэканструкцыі гістарычных працэсаў, якія мелі месца ў гэтым мікрарэгіёне ў 3-м – 2м тысячагоддзях да нашай эры.

Час правядзення ў 2016 годзе – 25 ліпеня — 7 жніўня (даты могуць крыху змяніцца ў бок павелічэння).

Умовы пражывання – палатачны лагер. Размяшчэнне – каля вёскі Асавец Бешанковіцкага раёну Віцебскай вобласці. Харчаванне – гатуецца на вогнішчы па чарзе гуртам для ўсіх удзельнікаў (прадукты набываюцца ў складчыну). Пітная вада падвозіцца з вясковага калодзежа. Па жаданні ў вёсцы можа набывацца малако і гародніна. Там жа магчыма падзарадка мабільных тэлефонаў і іншай тэхнікі (за грошы). Крыніца вады для купання і мыцця – рака Крывінка.

Даезд – ўласным транспартам, нанятым мікрааўтобусам (па меры запаўнення), сяброўскім аўто, аўтобусам або спынам да Бешанковічаў (адтуль давоз экспедыцыйным аўтамабілем да лагера).

Што будзе пад час экспедыцыі:

  • таварыства вясёлых і займальных людзей;
  • лагернае жыццё ў палатках, зорнае неба над галавою, дзікая прырода і ніякіх прыкметаў цывілізацыі, апрача далёкіх самалётаў над галавой з халоднай кока-колай у сцюардэс;
  • практычнае авалодванне (узгадванне) уменнямі, неабходнымі ў вандроўным/экспедыцыйным жыцці (стаўленне намётаў, абсталяванне лагера; пераправы праз рэчку; нарыхтоўка дроваў, распальванне вогнішча; гатаванне сняданняў-абедаў-вячэраў для аравы галодных калегаў і іншае, і іншае, і іншае…).
  • уласна раскопкі паселішча Асавец 2 (праца з рыдлёўкай, са шпатэльком, з зубачысткай,  з пэнзлікам, з сеткай, з лінейкай, з нівелірам, з паперай, з мілімітроўкай, з ноўтбукам і шмат-шмат іншага, у тым ліку і абсалютна нечаканага);
  • палявая апрацоўка і падлік калекцыі (мыццё, чыстка, сушка, шыфроўка, пакетаванне);
  • мінілекцыі па археалогіі ўвогуле і археалогіі Крывінскага  тарфяніка з “рэчавымі доказамі”, здабытымі ўласнымі рукамі!
  • спевы з гітарай, урачысты “прыём у археолагі”, гульні ды забавы.

Бяспека:

Пра правядзенне экспедыцыі ставяцца да ведама ўсе мясцовыя ўлады.

Бліжэйшы пункт першай медычнай дапамогі за 5 км, паліклініка/лякарня ў раённым цэнтры Бешанковічы, за 13 км.

Неабходны набор лекаў, у адпаведнасці з уласнымі асаблівасцямі, варта мець самому.

У наваколлях ёсць кляшчы, аднак пакуль (цьфу-цьфу), дадзеныя аб наяўнасці энцыфаліту/лайму ў раёне адсутнічаюць.

З дзікіх звяроў небяспеку могуць складаць толькі дзікі, таму няварта аднаму выходзіць далёка ў поле сярод ночы!

Калі вы маеце нейкія асаблівыя патрабаванні па харчаванні – то калі ласка, папярэдзьце пра гэта загадзя. Асноўная колькасць харчавання набываецца перад экспедыцыяй на агульныя грошы.

Калі вы наважыліся прыняць удзел, то, калі ласка, запоўніце анкету ўдзельніка.