Экспедыцыя
- Галоўная
- Экспедыцыя
Максім М. Чарняўскі
Міхал М. Чарняўскі
Увага-увага!!!
Папярэдняя інфармацыя: перыяд правядзення экспедыцыі ў 2024 годзе – 22 ліпеня – 4 жніўня!
МЭТА ЭКСПЕДЫЦЫІ
Асноўная задача даследаванняў на Крывінскім тарфяніку – вывучэнне паселішчаў усвяцкай і паўночнабеларускай культур Асавец 2 і Асавец 7 дзеля рэканструкцыі гістарычных працэсаў, якія мелі месца ў гэтым мікрарэгіёне ў 3-м – 2м тысячагоддзях да нашай эры.
Удзельнікі пра экспедыцыю
Умовы пражывання
Умовы пражывання – палатачны лагер. Размяшчэнне – каля вёскі Асавец Бешанковіцкага раёну Віцебскай вобласці. Харчаванне – гатуецца на вогнішчы па чарзе гуртам для ўсіх удзельнікаў (прадукты набываюцца ў складчыну). Пітная вада падвозіцца з вясковага калодзежа. Па жаданні ў вёсцы можа набывацца малако і гародніна. Там жа магчыма падзарадка мабільных тэлефонаў і іншай тэхнікі (за грошы). Крыніца вады для купання і мыцця – рака Крывінка.
Даезд
Даезд ўласным транспартам, нанятым мікрааўтобусам (па меры запаўнення), сяброўскім аўто, аўтобусам або спынам да Бешанковічаў (адтуль давоз экспедыцыйным аўтамабілем да лагера).
Што будзе
уласна раскопкі паселішча Асавец 2 (праца з рыдлёўкай, са шпатэльком, з зубачысткай, з пэнзлікам, з сеткай, з лінейкай, з нівелірам, з паперай, з мілімітроўкай, з ноўтбукам і шмат-шмат іншага, у тым ліку і абсалютна нечаканага); палявая апрацоўка і падлік калекцыі (мыццё, чыстка, сушка, шыфроўка, пакетаванне); мінілекцыі па археалогіі ўвогуле і археалогіі Крывінскага тарфяніка з “рэчавымі доказамі”, здабытымі ўласнымі рукамі! спевы з гітарай, урачысты “прыём у археолагі”, гульні ды забавы.
Што будзе яшчэ
таварыства вясёлых і займальных людзей; лагернае жыццё ў палатках, зорнае неба над галавою, вандроўкі ў дзікую прыроду і па наваколлях; практычнае авалодванне (узгадванне) уменнямі, неабходнымі ў вандроўным/экспедыцыйным жыцці (стаўленне намётаў, абсталяванне лагера; пераправы праз рэчку; нарыхтоўка дроваў, распальванне вогнішча; гатаванне сняданняў-абедаў-вячэраў для аравы галодных калегаў і іншае, і іншае, і іншае…).
Бяспека
Пра правядзенне экспедыцыі ставяцца да ведама ўсе мясцовыя ўлады. Бліжэйшы пункт першай медычнай дапамогі за 5 км, паліклініка/лякарня ў раённым цэнтры Бешанковічы, за 13 км. Неабходны набор лекаў, у адпаведнасці з уласнымі асаблівасцямі, варта мець самому.
Фаўна ды харчы
У наваколлях ёсць кляшчы, аднак пакуль (цьфу-цьфу), дадзеныя аб наяўнасці энцыфаліту/лайму ў раёне адсутнічаюць. З дзікіх звяроў небяспеку могуць складаць толькі дзікі, таму няварта аднаму выходзіць далёка ў поле сярод ночы! Калі вы маеце нейкія асаблівыя патрабаванні па харчаванні – то калі ласка, папярэдзьце пра гэта загадзя. Асноўная колькасць харчавання набываецца перад экспедыцыяй на агульныя грошы.
Удзельнікі пра экспедыцыю
Калі вы прачыталі ўсё вышэй сказанае і наважыліся прыняць удзел, то, калі ласка, запоўніце анкету ўдзельніка.